МЕНЕСТРЕЛЬ
 
Юрый Хлапонiн

Як варта ўзраджаць родную мову,

i чаму гэта так патрэбна Беларусi

Як вядома, гэты тыдзень мы вырашылі прысвяціць роднай мове, таму на працягу яго ўсе нашы матэрыялы будуць выходзіць па-беларуску. Гэта адначасова радасна і балюча - з аднаго боку, ты ўсведамляеш важнасць моманту ўнасіць свой уклад у яе распаўсюд і росквіт, хаця б такімі невялічкімі кроку. З другога - з сумам разумееш, наколькі рэчаіснасць дзейнічае супраць нас - за апошнія 25 год колькасць яе актыўных носьбітаў скарацілася амаль у 6 разоў, а лік беларускамоўных школ за апошнія 10 год - удвая. Стаўленне да мовы сярод звычайных грамадзян таксама не змяняецца ў лепшы бок - клішэ калхознасці і местачковасці бытуе і сярод маладога пакалення беларусаў, якія, здавалася б, менш за ўсіх павінны былі ахвяраваць ад гэтых ярлыкоў савецкай русіфікацыі.

Але, на жаль, мы не адзіныя і не апошнія, каму даводзілася сутыкацца з такой праблемай - на прыкладзе іншых народаў мы вырашылі паказаць, як ім падалося (і падаецца) вырашаць гэтую праблему зараз, і чаму гэта так важна - не быць тымі, каму «нет никакой разницы, на каком языке разговаривать».
Ізраіль і іўрыт

Калі казаць пра іўрыт - яго аднаўленне ажыццяўлялася на працягу мінулага стагоддзя, калі ён быў часткай руху сіянізму - ідэалогіі, мэтай якога з'яўляецца аб'яднанне і адраджэнне яўрэйскага народа на яго гістарычнай радзіме - у Ізраілі. Пачалося гэта з заснаванняў школ для выкладчыкаў іўрыту, адкрыццё моўных курсаў ў кібуцах, яўрэйскіх супольнасцях. Гэта потым знайшло сваё адлюстраванне ў хвалях вяртання яўрэяў у Ізраіль. Важны фактар - іўрыт як мова штодзённай камунікацыі часта абіралася на дабраахвотнай аснове. Хаця, працэс усталявання іўрыту ў Ізраілі меў таксама і свае, прымусовыя, меры. Так, напрыклад, у Тэль-Авіве быў створаны Легіён Абаронцаў Мовы, які служыў для абароны камунікацыі на іўрыце. Габрэі, якія былі падслуханыя размаўляючымі на ​​іншых мовах на вуліцы, папярэджваліся: «Габрэй, размаўляй на іўрыце».

Пасля, іўрыт стаў адзінай дзяржаўнай мовай маладой краіны Ізраіль, ён з цягам часу выцісніў іншыя яўрэйскія мовы. Да таго часу, калі Ізраіль атрымаў незалежнасць у 1948 годзе, 80,9% габрэяў, якія нарадзіліся ў Палестыне, размаўлялі на іўрыце як адзінай мове ў паўсякдзённым жыцці, і яшчэ 14,2% габрэяў, народжаных у Палестыне, выкарыстоўвалі яго ў якасці першага сярод дзвюх ці больш моваў
Каталанаская мова
Прыклад Каталоніі вельмі добра апісаны ў матэрыяле Нашай Ніве, таму менавіта, ён і тут. Няглядзячы на страту гэтым паўночна-ўсходнім рэгіёнам Пірэнейскага паўвострава незалежнасці яшчэ ў Сярэднявеччы, каталонскую мову атрымалася захаваць, аж да 30-х гадоў мінулага стагоддзя, калі, з прыходам фашысцкага рэжыму Франсыска Франка, мова фактычна знікла з ужытку. На дадзены момант, паволі адбываецца адраджэнне каталонскай мовы - так, на ёй ужо камунікуюць каля траціны насельніцтва. Цікавы факт - паралельна з гэтым адраджаецца рух каталонцаў за незалежнасць ад Іспаніі.
Аўтары артыкула адзначаюць - каталонская мова зберагла сябе дзякуючы такім чыннікам:

  1. Сярод каталонцаў былі тыя, хто размаўляў на каталонскай дома, ці на публіцы, зацята, нягледзячы на забарону.
  2. Падпольны распаўсюд ўлёткаў і кніг па-каталонску.
  3. Узаемная цярпімасць паміж каталонццамі і прыезджымі ў рэгіёне.

Пасля смерці дыктатара Франка ў Іспаніі аднавілася дэмакратыя, а разам з тым аўтаномія Каталоніі, і, адпаведна, падтрымка ідэі адраджэння каталонскай мовы. Як рэзультат - у 90-я гады амаль 100% насельніцтва аўтаноміі разумела каталонскую мову
Аднак, разам з ростам іміграцыі ў Каталоніі з краін Афрыкі, Усходняй Еўропы, пачала ажыццяўляцца праграма адраджэння каталонскай мовы ў наступным:
1
Пачатковае і сярэдняе навучанне ў Каталоніі вядзецца толькі па-каталонску. Ужо ва ўніверсітэтах кожны выкладычык сам для сябе абірае мову навучання
2
Працоўная мова, мова дакументацыі ў мясцовых адміністрацыях — каталонская. Але, па закону, з наведнікамі там гавораць на той мове, на якой яны звяртаюцца. Калі чыноўнік звяртаецца да незнаёмага чалавека, ён павінен гэта рабіць па-каталонску. Але калі чалавек яму адказвае па-іспанску, чыноўнік абавязаны перайсці на іспанскую мову

3
Каталонскія грамадскія СМІ вяшчаюць па-каталонску
4
Дэбаты ў каталонскім парламенце адбываюцца выключна па-каталонску. Агулам, ад пачатку працы аўтаномнага каталонскага парламента ў 1979 было вырашана, што ён будзе працаваць па-каталонску

5
Усе вывескі, шыльды павінны быць прынамсі на каталонскай. Па жаданню, можна і варыянт па-іспанску. Але каталонскі павінны быць абавязкова. Уведзеныя мінімальныя, сімвалічныя штрафы за парушэнне гэтага правіла
6
Каталонская паліцыя працуе па-каталонску. Агульнаіспанская паліцыя займаецца пытаннямі межаў, барацьбы з наркатрафікам, тэрарызмам. Яна працуе на іспанскай мове, большасць яе супрацоўнікаў прыехалі з іншых рэгіёнаў Іспаніі. Армія — толькі на іспанскай мове

7
Палова кінасеансаў у Каталоніі павінна быць па-каталонску
(але пакуль гэтае правіла практыкай не стала)
Статус роднай мовы ў Ірландыі

Гісторыя ірландскай мовы чымсьці вельмі падобная на беларускую - у свой час асноўная мова ўжытку на востраве. Пасля яго паступовай заваёвы ангельцамі скарачацца колькасць яе карыстальнікаў, асабліва ў 19 стагоддзі, пасля моцных сацыяльных узрушэнняў у краіне. Пасля набыцця краінай канчатковай незалежнасці ў 1949 годзе, пытанне гістарычнай мовы ў краіне набывае ўсё большую акутальнасць, вынікам чаго становіцца прыняцце ў 2003 годзе закону аб мовах, які прадуглежвае яго ахову і распаўсюджванне ў краіне.

Як гэта працуе?
Распаўсюд інфармацыйных лістоў для грамадзян краіны павінен ажыццяўляцца на дзвюх мовах, на ірландскай - у першай чаргу




01
Прэзідэнт краіны падпісвае заканадаўчыя акты на дзвюх мовах, ірландская мае прыярытэт сярод дзвюх афіцыйных пры прыняцці законапраектаў і афармленні афіцыйных справаздачаў



02
Установы вышэйшай адукацыі абавязаныя клапаціцца аб распаўсюдзе і выкарыстанні ірландскай мовы як мовы штодзённай камунікацыі, развіццю ірландскамоўнай літаратуры, культурнай традыцый


03
На ірландскай і ангельскай, ці толькі на ірландскай, паввінны быць: шыльды, абвесткі, надпісы на канцылярскіх прыладах. На ангельскую можна не перакладаць шырокаўжывальныя ірландскія назвы



04
Распрацаванне асобнымі арганізацыямі схемы ўжытку ірландскай і ангельскай мовы, паасобку, ці разам. Асобная ўвагу надаецца таму, як ірландская мова будзе ўжывацца ў сферы паслуг і камунікацыі



05
Наколькі гэтая сістэма будзе дзейнічаць - пакажа час, ва ўсякім выпадку, пакуль што толькі сорак адсоткаў насельніцтва Ірландыі добра валодае ірландскай; самім ж ірландцамі родная мова часта разглядаецца як сімвал элітарнасці і гонару, ніж сродкам для камунікацыі
Украіна - Закон аб мовах

Моўнае пытанне ў нашых паўднёвых суседзяў заўсёды з’являлася прадметам жорсткіх дыскусій і спекуляцый палітыкаў як унутры краіны, так і за яе межамі. Урэшце, гэты фактар стаў адным з асноўных у неаб’яўленым узброеным канфлікце паміж Украінай і Расіяй на Усходзе Украіны і ў Крыму.



У траўні 2019 года парламентам Украіны быў прыняты Закон Украіны “Аб забеспячэнні функцыянавання ўкраінскай мовы як дзяржаўнай”. Шмат у чым ён схожы з ірландскай версіяй моўнага закону. У прыватнасці, вось ягоныя асноўныя палажэнні:

1
Дзяржава арганізуе бясплатныя курсы ўкраінскай мовы для дарослых і дае магчымасць свабодна авалодаць дзяржаўнай мовай грамадзянам Украіны, якія не мелі такой магчымасці
2
Пры паступленні на працу забаронена патрабаваць ведаць і размаўляць на мове, якая не з'яўляецца дзяржаўнай
3
Друкаваныя СМІ пры жаданні зрабіць выпуск не на дзяржаўнай мове, абавязаныя зрабіць адначасова з ім тыраж на ўкраiнскай. У кожным горадзе назвы друкаваных СМІ на ўкраінскай мове павінны складаць не менш за 50 адсоткаў
4
Прыкладна аналагічныя лічбы і правіла датычацца выдаўцоў альбо вытворцаў выдавецкай прадукцыі
5
Таксама ўсталёўваюцца квоты на радыё і тэлебачанне - мінімум 35 адсоткаў песень і 60 адсоткаў перадач дзяржаўнай мовай, а на тэлебачанні — мінімум 75 адсоткаў перадач з 7 да 22 гадзіны
6
Законам вызначаецца даволі шырокае кола асобаў, у асноўным дзяржслужбоўцаў, для якіх вызначаецца абавязковым валоданне ўкраiнскай мовай, а таксама ўзроўні яе авалодвання
7
Гэты Закон не распаўсюджваецца на выкананне рэлігійных абрадаў і сферу прыватных зносін (аднак, законам таксама і не ўсталёўваюцца рамкі размежавання сферы публічных і прыватных зносін)
8
Сфера паслуг па змаўчанні пераходзіць на ўкраінскую мову. Але, важны момант: па просьбе кліента яго асабістае абслугоўванне можа быць аказана на іншай прымальнай для бакоў мове

Нягледзячы на некаторыя адтэрмінаванні Закону на 1 год, 3 гады, альбо нават на 10 год, ён выклікаў шматлкія апеляцыі і асуджэнне як з боку некаторых палітыкаў, у асноўным прарасейскага кірунку, так і самой Расіі і Венгрыі. Апошнім асабліва не спадабаліся паложанні аб навучанні ў школах - школы нацыянальных меншасцяў з 5-га класа амаль цалкам пераводзяцца на ўкраінскую мову навучання.


Тым не менш, закон працягвае дзейнічаць на працягу ўжо амаль двух гадоў. Аднак, можна ўжо сцвярджаць - гэты закон мае ўсе шанцы легчы на ​​добрую глебу - за апошнія трыццаць год Украіна змагла абараніць статус сваёй нацыянальнай мовы як дзяржаўнай, яе выкарыстанне ў СМІ ў параўнанні з расейскай заўсёды знаходзілася ў межах парытэту, а на змены ў частцы вучняў з украінскай мовай навучання за апошнія 30 год вы можаце паглядзець самі:

Гавайская мова — з амаль вымерлай у другую дзяржаўную

Найбольш геаграфічна аддалены ад усіх і адначасова экзатычны варыянт развіцця ўласнай мовы маюць гавайцы. Некалі яна была асноўнай на астравах да з’яўлення там еўрапейцаў. Канчаткова гавайская мова губляе свой статус, стаўшы часткай ЗША ў канцы 19 стагоддзя. І на цяперашні момант на ёй размаўляюць толькі 25 тысяч чалавек амаль з паўтарамільённага насельніцтва астравоў

Але зараз у гавайскай мовы з’явіўся шанец - яна мае статус другой дзяржаўнай на адным узроўні з ангельскай мовай з 1978 года (пры тым што этнічны складнік гавайцаў і метысаў складае толькі каля чвэрці насельніцтва). Тым больш, зараз там распаўсюджаны рух энтузіястаў, мэта якога - вучыць роднай мове гавайцаў з дзіцячага ўзросту, змяшчаючы ў адпаведнае асяроддзе ў дзіцячых садах і ў школе

Такім чынам, гледзячы на прыклады узраджэння і захавання народамі сваёй роднай мовы, гэтаму феномену можна даць цалкам лагічнае і псіхалагічнае тлумачэнне: мова - гэта свайго роду "афармленне" свядомасці, якое ўплывае на нацыянальную самаідэнтыфікацыю чалавека. У цэлым, мы можам казаць пра існаванне пэўнага генетычнага кода нацыі, у які, акрамя мовы, ўваходзіць гісторыя развіцця этнасу, традыцыі, адным словам, тое, што дазваляе аб’ядноўваць людзей у народы і нацыі. Да таго ж, адраджэнне мовы кіравалася нацыянальнымі элітамі, якія мелі сваёй мэтай аднавіць дзяржаўнасць менавіта на такіх складніках, як нацыянальная мова.


Мова - гэта безумоўна важны фактар, які дазваляе фарміраваць нацыянальную свядомасць чалавека. Аднак не трэба забываць, што акрамя мовы ўплыў таксама маюць традыцыі, гістарычны шлях развіцця этнасу. Наколькі свядомасць гуляе ролю ў мове камунікацыі, можна меркаваць з феноменаў яе адраджэння ў свеце. У такіх выпадках мова мела складнік цэлага ідэалагічнага кірунку, свядомага выбару людзей, на якой мове ім размаўляць. Такім чынам, працэсы звонку дазвалялі замацаваць моўны стрыжань знутры

Юрый Хлапонiн
Аўтар артыкула 
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website